ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІ Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел. політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел. дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар. Нац. АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад. Нац. АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
В.В.Савіч.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)